Дзяржаўная ўстанова «Вілейскі краязнаўчы музей»

Вілейскі краязнаўчы музей заснаваны 30 ліпеня 1982 г. Першая экспазіцыя была адкрыта 7 мая 1985 г. 3 1993 г. працуе новая экспазіцыя, за аснову якой узяты тэматыка-калекцыйны паказ, што ўключае ў сябе такія раздзелы, як «Час», «Вытокі», «Дом», «Школа», «Пакуты», «Вілейка», якія адлюстроўваюць гісторыю і культуру Вілейскага краю ад часоў першабытных да XX ст. У 1997 г. у асобным будынку адкрыта зала выставак імя Н. Сілівановіча, акадэміка жывапісу і мазаікі, ураджэнца Вілейшчыны. У 2014 годзе будынак экспазіцыі музея было капітальна адрамантавана і сёння мае сучасны, прывабны выгляд.

У Год народнага адзінства і напярэдадні Дня народнага адзінства (17 верасня) — 1 верасня ў экспазіцыі музея адкрыта новая часовая экспазіцыя «Лес чалавека. У полымі часу». Асноўнай канцэпцыяй стварэння экспазіцыі з'яўляецца паказ ключавых момантаў польскага праўлення 1921—1939 гг., а таксама гераічных і трагічных старонак у перыяд Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Вілейскага краю. Шматлікія лёсы людзей, а гэта мірныя грамадзяне, вязні гета, ваеннапалонныя Чырвонай Арміі і ўдзельнікі антыфашысцкага супраціву, якія выпрабавалі ўсе жахі злачынстваў, учыненыя нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі, нацыяналістычнымі фарміраваннямі ў гады акупацыі.

Своеасаблівым працягам стаў адкрыты ў сакавіку 2022 г. пры падтрымцы Вілейскага раённага выканаўчага камітэта раздзел «Генацыд беларускага народа». У экспазіцыі выкарыстаны матэрыялы расследавання злачынстваў, учыненых былымі службоўцамі Галоўнага ўпраўлення аддзялення СД г. Вілейкі: копіі фатаграфій супрацоўнікаў СД, планы і схемы размяшчэння гета ў Вілейцы, акты Вілейскай гарадской дзяржаўнай надзвычайнай камісіі па выяўленні злачынстваў, учыненых нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў перыяд акупацыі Вілейкі. Асаблівы раздзел экспазіцыі — спаленыя вёскі Вілейшчыны. За гады нацысцкай акупацыі на тэрыторыі Вілейскага раёна было спалена 76 вёсак, разам з жыхарамі і не адноўленыя пасля вайны, а таксама з часткай насельніцтва і адноўленыя пасля вайны: карта спаленых вёсак, фотаздымкі, успаміны. Усе экспанаты, прадстаўленыя ў экспазіцыі, з фондаў ДУ «Вілейскі краязнаўчы музей».

Выставачная зала музея імя М. Ю Сілівановіча падтрымлівае статус культурна-выставачнага цэнтра горада. Тут штомесяц адкрываюцца новыя выставы, праходзяць цікавыя сустрэчы, прэзентацыі. Штогод Вілейскі музей арганізоўвае і праводзіць серыю музейна-адукацыйных праектаў, накіраваных на папулярызацыю музейных калекцый, розных відаў мастацтва і навукі.